КЕФІ́РНЫЯ «ГРЫБКІ́»,

закваска для атрымання кефіру з каровінага малака. Уключае казеін і мікраарганізмы: малочна-кіслы стрэптакок (Streptococcus lactis), які зброджвае лактозу з утварэннем малочнай кіслаты; малочна-кіслая палачка (Streptobacterium plantarum), што надае кефіру неабходную кансістэнцыю і смак; малочныя дрожджы (Torulopsis kefir), якія зброджваюць лактозу з утварэннем этылавага спірту і вуглякіслага газу. У высушаным стане К.«г.» — залаціста-жоўтыя зярняты велічынёй з лясны арэх, у малацэ павялічваюць аб’ём у 2—5 разоў. Радзіма К.«г.» — Каўказ, дзе ў стараж. час была адабрана закваска з натуральна складзеным згуртаваннем мікраарганізмаў.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)